Перайсці да зместу

Ганна Клеўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганна Клеўская
англ.: Anne of Cleves
Партрэт працы Ганса Гольбейна Малодшага, 1539 г.
Партрэт працы Ганса Гольбейна Малодшага, 1539 г.
Каралева-кансорт Англіі
6 студзеня 1540 — 9 ліпеня 1540
Папярэднік Джэйн Сеймур
Пераемнік Кацярына Говард

Нараджэнне 22 верасня 1515(1515-09-22)
Смерць 17 ліпеня 1557(1557-07-17) (41 год)
Месца пахавання
Род Ламаркі (па факце нараджэння)
Цюдары (у замужжы)
Бацька Ёган III, герцаг Клеўскі
Маці Марыя Юліх-Бергская
Муж Генрых VIII, кароль Англіі
Веравызнанне Лютэранства
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ганна Клеўская (ням.: Anna von Jülich-Kleve-Berg, англ.: Anne of Cleves; 22 верасня 1515 — 17 ліпеня 1557) — чацвёртая жонка англійскага караля Генрыха VIII. Пасля анулявання шлюбу Ганна засталася ў Англіі, ёй было падараванае шчодрае ўтрыманне і неафіцыйнае званне «любімай сястры караля» (англ.: the King's Beloved Sister).

Прынцэса Клеўская

[правіць | правіць зыходнік]

Прынцэса Ганна нарадзілася 22 верасня 1515 года ў Дзюсельдорфе і была другім дзіцем герцага Клеўскага Ёгана III і Марыі фон Юліх-Берг[1]. Па бацькаўскай лініі яна належала да старажытнага роду Ламаркаў.

Пра дзяцінства і юнацтва прынцэсы захавалася даволі мала звестак. Апроч яе ў сям’і было яшчэ дзве дачкі, Сібіла і Амелія, і сын, Вільгельм. Вядома, што Ганна была вельмі блізкая з маці, герцагіняй Марыяй[2].

Ганну, як і яе сясцёр, выхоўвала маці, і яе адукацыя была зведзена да неабходнага мінімуму. Яна магла чытаць і пісаць на роднай мове, але яе не навучалі ні латыні, ні французскай мове, яна не ўмела ні спяваць, ні танцаваць, ні іграць на музычных інструментах, «бо ў Германіі дакараюць дам за легкадумнасць, калі яны ведаюць музыку» (англ.: ...for they take it heere yn Germanye for... an occasion of lightenesse that great Ladyes... have enye knowledge of musike)[2]. Сярод яе добрых якасцей можна было адзначыць толькі рахманасць і ўменне рукадзельнічаць.

У 1527 годзе ва ўзросце 12 гадоў Ганна была заручана з Франсуа I, герцагам Латарынгскім, сынам і спадчыннікам Антуана Добрага. Хлопчыку ў той час было толькі 10 гадоў, і заручыны насілі неафіцыйны характар і былі адменены ў 1535 годзе[3].

Што да рэлігійнай пазіцыі сям’і, то яе наўрад ці можна было назваць адзінай. Вільгельм, брат Ганны, быў прыхільнікам лютэранства, у той час як герцагіню Марыю характарызавалі «заўзятай каталічкай»[4]. Бацька Ганны сімпатызаваў Рэфармацыі і быў адным з прыхільнікаў Шмалькальдэнскай лігі, узначаленай Ёганам Вялікадушным, мужам Сібілы, яна выступала супраць імператара Карла V і яго рэлігійнай палітыкі.

Пошукі нявесты

[правіць | правіць зыходнік]

Амаль адразу пасля смерці Джэйн Сеймур Генрых VIII паклапаціўся аб пошуку новай жонкі. Нягледзячы на наяўнасць спадчыннага прынца Эдуарда, лёс дынастыі па-ранейшаму быў цьмяным, і для забеспячэння пераемнасці яму абавязкова быў патрэбен яшчэ адзін сын. Не жадаючы зноў звязваць сябе сувяззю сваяцтва з іспанскімі манархамі, ён вырашыў знайсці сабе жонку-францужанку[5]. У караля Францыска была дачка на выданне — Маргарыта, а таксама ў герцага дэ Гіза — Рэнэ, Луіза і Мары. Праз Касціёна, пасла Францыі пры англійскім двары, Генрых апавясціў Францыска пра жаданне сустрэцца з высакароднымі дзяўчынамі ў Кале, каб выбраць самую годную з іх[6]. Францыск адхіліў прапанову, заўважыўшы пры гэтым, што францужанак не прынята выстаўляць «нібы рысістых скакуноў на кірмашы»[7].

Пацярпеўшы няўдачу з французскімі нявестамі, Генрых звярнуў увагу на нядаўна аўдавелую герцагіню Крысціну Міланскую. У сакавіку 1538 года ён адправіў у Брусель прыдворнага мастака Ганса Гольбейна з даручэннем напісаць партрэт герцагіні, атрымаўшы які, Генрых прыйшоў у захапленне. Але пасланцам караля Крысціна адказала, што яна зусім не прагне выходзіць замуж за Генрыха, бо «яго Вялікасць так хутка пазбавіўся ад ранейшых каралеў, … што яе саветнікі лічаць, быццам яе стрыечная бабуля была атручаная, а другая жонка бязвінна пакарана смерцю, а трэцяя страціла жыццё з-за няправільнага догляду яе пасля родаў», і дадала, што будзь у яе дзве галовы, то «адну б яна падала яго Міласці»[8].

З-за скандальнага асабістага жыцця Генрых набыў настолькі злавесную рэпутацыю на кантыненце, што ніводны еўрапейскі манарх не жадаў выдаваць за яго дачку ці сястру, а адна з патэнцыйных нявест, Мары дэ Гіз, быццам бы заявіла ў адказ на прапанову Генрыха, што хоць яна і высокага росту, ды толькі шыя ў яе кароткая[7].

Саюз з пратэстантамі

[правіць | правіць зыходнік]
Вільгельм, герцаг Юліх-Клевэ-Бергскі, брат Ганны. Гравюра працы Генрыха Альдэгрэвера, каля 1540 г.

Да 1538 годзе адносіны англійскага каралеўства з каталіцкімі еўрапейскімі дзяржавамі значна пагоршыліся, асабліва пасля расправы над сваякамі кардынала Рэджынальда Поўла, западозранымі ў змове супраць караля[заўв 1]. Усе яны выступалі за аднаўленне каталіцтва ў Англіі. Папа ў чарговы раз абвясціў пра адлучэнне Генрыха ад царквы, а яго прыхільнікі планавалі ўварванне ў Англію[10].

Паддаўшыся настойлівым рэкамендацыям Томаса Кромвеля, кароль намерыўся пасродкам шлюбу заручыцца падтрымкай якой-небудзь пратэстанцкай дзяржавы. Яшчэ раней Джон Хатан, англійскі пасол у Бруселі, паведамляў, што ў герцага Клеўскага ёсць дачка, але ён «не чуў асаблівай хвалы ні нораву яе, ні прыгажосці». Неўзабаве высвятлілася, што ў герцага дзве незамужнія дачкі: Ганна і Амелія[11].

У студзені 1539 года Карл V і Францыск I падпісалі дагавор аб саюзніцтве ў Таледа, што вымусіла Генрыха паспяшацца са сватаўством і адправіць Нікаласа Уотана і Роберта Барнса — перакананых пратэстантаў — да двара герцага Ёгана для пачатку перамоў аб заручынах з Ганнай ці Амеліяй[10].

Да моманту прыезду пасланцаў Генрыха герцагам Клеўскім стаў Вільгельм, сын Ёгана, які нядаўна сканаў. Новы герцаг меў вельмі строгія паняцці пра жаночую сціпласць, і калі прынцэс афіцыйна прадставілі Уотану і Барнсу, на іх былі настолькі грувасткія сукенкі і шчыльныя галаўныя ўборы, што тым не ўдалося разглядзець знешнасць дзяўчын. На заўвагу Уотана Вільгельм адказаў: «Хіба вы жадаеце бачыць іх аголенымі?»[10]. Калі пра гэта даклалі Кромвелю, той неадкладна адправіў Ганса Гольбейна на кантынент напісаць партрэты сясцёр, а каралю паведаміў:

Усе ўсхваляюць прыгажосць лэдзі Ганны, таму што і твар і фігура яе цудоўныя. Яна значна пераўзыходзіць герцагіню Саксонскую, як залатое сонца пераўзыходзіць сярэбраны месяц. Усе ўсхваляюць яе дабрадзейнасць і сумленнасць, разам са сціпласцю, якая ясна бачная ў яе выглядзе[заўв 2].

Вільгельм Клеўскі, які спачатку паставіўся без усякага энтузіязму да гэтай задумы, неўзабаве змяніў сваё меркаванне, калі яму сказалі, што Генрых гатовы ажаніцца з адной з яго сясцёр, не патрабуючы пасагу, пры ўмове, што яму спадабаецца партрэт. Убачыўшы вынік працы Гольбейна, кароль загадаў працягнуць перамовы, хоць і некалькі засумаваў, даведаўшыся з дакладу Уотана, што Ганна не валодае ні замежнымі мовамі, ні свецкімі талентамі. Тым не менш Уотан адзначаў, што прынцэса разумная і здольная, і запэўніў караля, што яна цалкам у стане хутка вывучыць англійскую мову[13].

Незадоўга да завяршэння перамоў Вільгельм паведаміў пра тое, што Ганна некалі была заручана з герцагам Латарынгскім, і гэта больш ранняя дамоўленасць магла перашкодзіць новаму шлюбу[14]. Аднак сведчанняў, якія пацвярджалі б існаванне шлюбнага кантракту знойдзена не было, і неўзабаве герцаг заявіў, што «лэдзі Ганна не звязана ніякімі абавязацельствамі… і дагэтуль вольная браць шлюб па жаданні» (англ.: ...my lady Anne is not bownden; but ever hathe ben and yet is at her free libertye to marye where ever she wille.)[2].

Даведаўшыся пра падрыхтоўку да шлюбнага саюза, паслядоўнікі пратэстанцтва ў Англіі і за яе межамі лічылі, што пад уплывам новай жонкі Генрых умацуе становішча гэтай рэлігіі ў каралеўстве. Генрых зусім не збіраўся якім-небудзь чынам патураць пратэстантам і разлічваў на тое, што ў замужжы Ганна цалкам здаволіцца богаслужэннем па каталіцкім абрадзе. Пасля Ганна не прымала ніякага ўдзелу ў пратэстанцкіх рухах, а акрамя таго, з прычыны сяброўства з лэдзі Марыяй пачала схіляцца да каталіцтва[15].

Ганна Клеўская. Партрэт пэндзля Барталамеуса Брэйна Старэйшага, пачатак 1540-х гг.

Жыццё ў Англіі

[правіць | правіць зыходнік]

Сустрэча і вяселле

[правіць | правіць зыходнік]

4 верасня 1539 года быў падпісаны шлюбны дагавор, і ўжо 11 снежня Ганна і яе суправаджальнікі прыбылі ў Кале, дзе іх вітала каралеўская дэлегацыя на чале з герцагам Сафалкам[16]. Адзін з вяльможаў, што сустракалі яе, адмірал Саўтгемптан, напісаў Генрыху, што прынцэса вельмі мілая, і што кароль зрабіў годны выбар. Лэдзі Лайл у лісце да дачкі Ганны Басет паведаміла, што будучая каралева «вельмі высакародная і добрая, прыслугоўваць ёй будзе вельмі прыемна»[17].

Знаёмства жаніха і нявесты адбылося ў Рочэстэры, куды Генрых прыбыў як прыватная асоба, у нецярпенні даведацца, як выглядае яго будучая жонка, і «выпесціць каханне ў сваім сэрцы»[18]. Амаль на працягу ўсёй сустрэчы кароль і прынцэса заставаліся сам-насам, і, пакідаючы Ганну, Генрых сказаў:

Я не бачу нічога з таго, што было прадстаўлена мне на карцінах і ў данясеннях. Мне сорамна, што людзі яе так усхвалялі, — і я яе зусім не кахаю![19]

Вярнуўшыся ў Грынвіч, кароль абрынуў гнеў на Кромвеля, непахвальна адгукнуўшыся пра нявесту, як пра «здаравенную фламандскую кабылу» (англ.: "a great Flanders mare"). Той, у сваю чаргу, паспрабаваў ускласці ўсю віну на Саўтгемптана:

Калі адмірал пабачыў, што прынцэса адрозніваецца ад карціны і апісанняў, зробленых пра яе, яму варта было затрымаць яе ў Кале, пакуль кароль не быў бы апавешчаны, што яна не так прыгожая, як лічылася[20].

На працягу некалькіх дзён, што заставаліся да шлюбу, юрысты караля шукалі спосаб скасаваць заручыны. Тым не менш, 6 студзеня 1540 года вяселле было згулянае. Кромвель пераканаў Генрыха, што шлюб ужо практычна заключаны, і было б вельмі неабачліва адправіць прынцэсу назад. Гэты крок пагражаў непрыемнасцямі з братам Ганны, а акрамя таго, пакідаў Англію без саюзнікаў у выпадку магчымага нападу французаў ці іспанцаў[21].

Раніцой пасля шлюбнай ночы кароль публічна заявіў:

Яна зусім не мілая і ад яе блага пахне. Я пакінуў яе такой жа, якой яна была да таго, як я лёг з ёю[22].

У асабістых размовах з Кромвелем Генрых няспынна жаліўся на тое, што Ганна зусім яму не пасце як жонка. Тым часам, сама Ганна трымалася з годнасцю, паступова асвойвала англійскую мову і вытанчаныя манеры і выклікала сімпатыю ў многіх, за выключэннем уласнага мужа. Яна стала добрай мачахай для прынца Эдуарда і лэдзі Лізаветы, і нават лэдзі Марыя, якая спачатку ставілася з пагардай да пратэстанткі, неўзабаве пасябравала з новай жонкай бацькі. Каралеве прыйшлося даспадобы жыццё пры англійскім двары: яна палюбіла музыку і танцы, завяла ручнога папугая і праводзіла дні, гуляючы ў карты са сваімі фрэйлінамі і прымяраючы раскошныя ўборы. І ўсё ж яна не магла не заўважыць абыякавасць караля да яе і, памятаючы пра лёс яго папярэдніх жонак, стала сур’езна асцерагацца, што яе можа спасцігнуць доля Ганны Балейн.

Генрых VIII. Партрэт працы невядомага мастака, пачатак XVII ст.[23]

Да вясны 1540 года альянс з герцагам Клеўскім ужо страціў актуальнасць. Франка-іспанскі саюз даў расколіну, і Генрых збіраўся паспрабаваць ізноў заваяваць давер імператара Карла. У сакавіку на пасяджэнні Тайнага савета Генрых заявіў пра свае сумненні наконт законнасці шлюбу з Ганнай з прычыны яе больш ранніх заручын з герцагам Латарынгскім, і пра тое, што гэта перашкода замінае яму кансумаваць свой шлюб. Міністры абнадзеілі караля, сказаўшы, што невыкананне шлюбных абавязкаў — важкі довад для анулявання шлюбу[24].

Некаторыя прыдворныя, якія з’яўляліся прыхільнікамі каталіцтва, сярод якіх быў і Томас Говард, 3-і герцаг Норфалк, імкнуліся пазбавіцца ад Ганны Клеўскай, якая ўспрымалася англійскімі рэфармістамі як сімвал падтрымкі пратэстанцтва[заўв 3]. Кромвель і яго акружэнне былі ў апазіцыі да кансерватыўна-каталіцкай партыі Норфалка. Норфалк, скарыстаўшыся агідай караля да Ганны, спрыяў апале Кромвеля, як галоўнага віноўніка няўдалага каралеўскага шлюбу. На месца каралевы герцаг прадказваў сваю юную пляменніцу, лэдзі Кэтрын Говард, якая служыла фрэйлінай у Ганны і карысталася добразычлівасцю Генрыха.

У чэрвені 1540 года Томас Кромвель быў арыштаваны па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе і адпраўлены ў Таўэр, а Ганну адправілі ў Рычманд, нібы з-за набліжэння эпідэміі чумы. У Парламенце спешна вырашалі пытанне аб скасаванні шлюбу. Фармальнай нагодай для разводу паслужылі дакументы, якія датычыліся першых заручын Ганны з герцагам Латарынгскім, заява караля, што «яго ажанілі супраць волі», і адсутнасць перспектывы з’яўлення спадчыннікаў з-за няздольнасці Генрыха ўступаць з жонкай у інтымныя зносіны. Ніякіх прэтэнзій да самой Ганны выказана не было, у намеры караля ўваходзіла толькі жаданне развесціся з ёй, каб ажаніцца з Кэтрын Говард[26].

Калі 6 ліпеня 1540 года Чарлз Брэндан і Стывен Гардынер прыбылі да Ганны, каб пераканаць яе пагадзіцца на ануляванне шлюбу, яна безумоўна саступіла ўсім патрабаванням. У падзяку кароль «з радасцю прызнаў яе сваёй любімай сястрой», прызначыў ёй вялікі штогадовы даход у чатыры тысячы фунтаў і перадаў у дар некалькі багатых маёнткаў, у тым ліку замак Хівер (англ.: Hever Castle), які некалі належаў сям’і Ганны Балейн, пры ўмове, што яна застанецца ў Англіі[27]. 9 ліпеня 1540 года шлюб Генрыха VIII і Ганны Клеўскай быў абвешчаны несапраўдным.

Любімая сястра караля

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля разводу кароль пакінуў Ганну ў сваёй сям’і. Цяпер яна як яго «любімая сястра» была адной з першых дам пры двары пасля каралевы Кэтрын і дочак Генрыха. Апроч гэтага «любячы брат» дазволіў ёй паўторна ўзяць шлюб, калі яна пажадае. Ганна ў адказ дазволіла яму кантраляваць яе перапіску з роднымі. Па яго просьбе яна адправіла ліст герцагу Вільгельму, паведаміўшы, што цалкам шчаслівая і задаволена сваім статусам «сваячкі караля»[28].

Новы 1541 год Ганна адзначала з нованабытым сямействам у Хэмптан-корце. Генрых, які яшчэ нядаўна не вынасіў Ганну ў якасці жонкі, зараз цяпло вітаў яе як «сястру». Прыдворныя палюбілі яе за лагоднасць, і пасля пакарання смерцю Кэтрын Говард многія спадзяваліся, што кароль ізноў ажэніцца з Ганнай. Пасланцам жа герцага Клеўскага, якія звярнуліся да караля з прашэннем «узяць яе назад», архібіскуп Томас Кранмер адказаў, што пра гэта не можа быць гаворкі[29].

Нягледзячы на каралеўскі дазвол на шлюб з кім б там ні было, Ганна не скарысталася гэтым прывілеем. Яна была цалкам здаволена сваім становішчам у грамадстве і тым, што не залежыць ні ад каго, акрамя Генрыха, з якім у яе склаліся сяброўскія адносіны. Для жанчыны той эпохі яна карысталася небывалай свабодай і відавочна не збіралася ад яе адмаўляцца.

12 ліпеня 1543 года Ганна была запрошана на вяселле Генрыха і Катарыны Пар як адна са сведак, а ў 1553 годзе разам з лэдзі Лізаветай прысутнічала на ўрачыстай каранацыі каралевы Марыі[30].

Ганна перажыла і былога мужа Генрыха VIII, і яго сына Эдуарда VI. Незадоўга да смерці яна з дазволу Марыі пераехала ў маёнтак у лонданскім Чэлсі, якое некалі належала Катарыне Пар. Там яна і сканала 17 ліпеня 1557 года. У завяшчанні яна згадала пра падарункі для ўсіх слуг і сяброў, удакладніўшы пры гэтым, што «лепшая каштоўнасць» прызначана каралеве. Лізавета таксама атрымала частку ўпрыгажэнняў і просьбу ўзяць да сябе ў слугі «бедную дзяўчыну Дораці Кёрзан»[31].

Ганну Клеўскую пахавалі ў Вэстмінстэрскім абацтве[32].

Выява ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Ганна Клеўская з’яўляецца гераіняй шэрагу гістарычных раманаў, якія апавядаюць пра эпоху Генрыха VIII:

  • Маргарэт Барнс, «Мая лэдзі з Клевэ» (англ.: My Lady of Cleves, 1946 год).
  • Дж. Гамільтан, «Ганна Клеўская» (1972 год).
  • Філіпа Грэгары, «Спадчына роду Балейн» (англ.: The Boleyn Inheritance, 2006 год).
  • Джудзіт О’Браен, «Пунсовая ружа Цюдараў» (1996 год).

Захавалася некалькі партрэтаў і гравюр з выявай Ганны Клеўскай.

  1. Кардынал Рэджынальд Поўл (1500—1558) — перакананы каталік, адзін з нашчадкаў Плантагенетаў. Генрых абвясціў яго здраднікам і дзяржаўным злачынцам, пасля таго, як Поўл раскрытыкаваў яго рэлігійную палітыку, а таксама рэзка выказаўся наконт разводу караля з Кацярынай Арагонскай. Паколькі сам кардынал знаходзіўся па-за межамі Англіі, кароль спагнаў свой гнеў на яго сваяках, загадаўшы арыштаваць амаль усю сям'ю Поўла. У 1539 годзе быў пакараны смерцю яго старэйшы брат — Генры, а ў 1541 годзе яго маці — лэдзі Маргарэт Поўл[9].
  2. Кромвель працытаваў каралю радка з дакладу аднаго са сваіх агентаў, Крыстафера Монта[12].
  3. Прыдворная групоўка, узначаленая Томасам Говардам, 3-м герцагам Норфалкам, і біскупам Стывенам Гардынерам, у царкоўнай палітыцы прытрымлівалася прынцыпу «каталіцтва без папы». Яны віталі цэнтралізацыю ўлады і абвяшчэнне караля вярхоўным главой царквы, але пры гэтым не жадалі поўнага адыходу ад дактрын каталіцтва[25].
  1. Anne von Kleve (англ.). thepeerage.com. Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2012. Праверана 24 красавіка 2010.
  2. а б в З ліста Нікаласа Уотана да Генрыха VIII Sir Henry Ellis. Original letters, illustrative of English history. Vol. II. Асаблівасці арфаграфіі цытат, прыведзеных на мове арыгінала, захаваны.
  3. Strickland, Agnes 1853, p. 246.
  4. Fraser, Antonia 1993, p. 298.
  5. Weir, Alison 1991, p. 381.
  6. Эрыксан, Кэралі 2008, с. 256.
  7. а б Ліндсі, Карэн 1996, с. 205.
  8. Пярфільеў, Алег 1999, с. 322-323.
  9. Weir, Alison 1991, pp. 380–381.
  10. а б в Weir, Alison 1991, p. 386.
  11. Ліндсі, Карэн 1996, с. 208.
  12. Strickland, Agnes 1853, pp. 238–239.
  13. Weir, Alison 1991, pp. 386–389.
  14. Пярфільеў, Алег 1999, с. 327.
  15. Weir, Alison 1991, pp. 388–390.
  16. Weir, Alison 1991, p. 391.
  17. Пярфільеў, Алег 1999, с. 328-329.
  18. Strickland, Agnes 1853, p. 244.
  19. Ліндсі, Карэн 1996, с. 210-211.
  20. Strickland, Agnes 1853, p. 245.
  21. Пярфільеў, Алег 1999, с. 332.
  22. Пярфільеў, Алег 1999, с. 338.
  23. Лічыцца, што гэты партрэт — копія са страчанага арыгінала пэндзля Ганса Гольбейна Малодшага. Партрэт на сайце Нацыянальнай партрэтнай галерэі (англ.)(недаступная спасылка). npg.org.uk. Архівавана з першакрыніцы 15 красавіка 2009. Праверана 24 красавіка 2010.
  24. Пярфільеў, Алег 1999, с. 340-341.
  25. Пярфільеў, Алег 1999, с. 341—342.
  26. Пярфільеў, Алег 1999, с. 348.
  27. Пярфільеў, Алег 1999, с. 349-350.
  28. Ліндсі, Карэн 1996, с. 230.
  29. Ліндсі, Карэн 1996, с. 265-266.
  30. Эрыксан, Кэралі 2008, с. 410.
  31. Ліндсі, Карэн 1996, с. 304.
  32. Anne of Cleves (англ.)(недаступная спасылка). Find a Grave. Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2011. Праверана 24 красавіка 2010.
  33. «Joss Stone agrees to return for The Tudors final season» (англ.)(недаступная спасылка). tvsquad.com. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2012. Праверана 14 красавіка 2010.
  34. FINALLY! Henry VIII Returns This Sunday, April 11, For The Season Premiere Of ‘The Tudors!’ (англ.)(недаступная спасылка). hollywoodlife.com. Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2012. Праверана 14 красавіка 2010.
  • Линдсей, Карен. Разведённые. Обезглавленные. Уцелевшие. Жёны короля Генриха VIII / Пер. с англ. Т. Азаркович. — М.: КРОН-ПРЕСС, 1996. — 336 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-232-00389-5.
  • Лоудз, Дэвид. Генрих VIII и его королевы / Пер. с англ. Ю.И. Губатова. — Ростов-на-Дону: Феникс, 1997. — 320 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85880-544-2.
  • Перфильев, Олег. Жёны Синей Бороды. В спальне Генриха VIII. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 1999. — 415 с. — 7 000 экз. — ISBN 5-224-00599-X.
  • Эриксон, Кэролли. Мария Кровавая / Пер. с англ. Л.Г. Мордуховича. — М.: АСТ, 2008. — 637 с. — (Историческая библиотека). — 2 000 экз. — ISBN 5-17-004357-6.
  • Fraser, Antonia. The Six Wives of Henry VIII. — London: Phoenix, 1993. — 589 с. — ISBN 978-1-8421-2633-2.
  • Starkey, David. Six Wives: The Queens of Henry VIII. — New York: HarperPerennial, 2004. — 880 с. — ISBN 0-06-0005505.
  • Strickland, Agnes. Memoirs of the queens of Henry VIII.: and of his mother, Elizabeth of York. — Philadelphia: Blanchard and Lea, 1853. — 420 с.
  • Weir, Alison. The Six Wives of Henry VIII. — New York: Grove Press, 1991. — 656 с. — ISBN 0-8021-3683-4.